МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,

мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.​Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл. Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.​Кацягіна, А.​Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.​Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.​Дзямідава, М.​Шышакоў, Л.​Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.

Мсцёрская мініяцюра. Л.​Дзямідава. Шкатулка «Бабіна лета». 1977.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)